ПЛАТФО́РМАВЫ ЧАХО́Л, асадкавы чахол,

верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)